Тоўстая магіла
Тоўстая магіла — буйны скіфскі курган IV стагоддзя да нашай эры, размешчаны каля гарадоў Пакроў і Нікапаль (Днепрапятроўская вобласць). Ускрыла і даследавала ў 1971 годзе экспедыцыя АН УССР (кіраўнік Б. М. Мазалеўскі, намеснік кіраўніка — Я. В. Чарненка).
Унутры насыпанага кургана вышынёй 8,6 м і дыяметрам 70 м выяўлены два пахаванні (адно — разрабаванае) скіфскіх правадыроў са слугамі, коньмі, зброяй, металічным і гліняным посудам, знойдзены больш 600 залатых упрыгожванняў. Найбольш каштоўнымі знаходкамі лічацца меч у ножнах з дзяржальняй у залатой асадцы, і залатая пектараль, упрыгожаная жывёльнымі сцэнамі і сюжэтамі з жыцця скіфаў. Знаходкі захоўваюцца ў Музеі гістарычных каштоўнасцяў Украіны ў Кіеве. Паводле падлікаў Мазалеўскага, у будаўніцтве кургана ўдзельнічала да двух з паловай тысяч чалавек, якія, завяршыўшы працу, зладзілі там трызну па цару, пра што сведчыла процьма аскепкаў амфар, а таксама мноства костак — коней, дзікіх кабаноў, аленяў — у рове вакол кургана.
Цэнтральнае пахаванне
[правіць | правіць зыходнік]Цэнтральнае (разрабаванае) пахаванне мела плошчу 4 м² і вышыню 1,3 м. Рэшткі знойдзенага шкілета належалі даросламу мужчыну. Тут археолагамі былі знойдзены рэшткі залатых спражак, абломкі металічных пласцін даспеха, баявы пояс, упрыгожаны бронзавымі пласцінамі, нагайка з залатымі ўпрыгожваннямі, два нажы, двухзубцовы відэлец, фрагмент булавы і абломкі двух жалезных наканечнікаў дроцікаў, чатыры сайдакі са стрэламі, бронзавыя катлы і гліняная амфара з трыма ручкамі. У кароткім калідоры — дромасе, які злучае пахавальную камеру з уваходнай ямай, былі выяўленыя залатая пектараль і жалезны меч з абкладзенай золатам дзяржальняй, у ножнах, таксама пакрытых залатой абкладкай з рэльефнымі ўпрыгажэннямі. Абкладку ножнаў мяча ўпрыгожваюць малюнкі ў скіфскім «звярыным стылі»: сцэны барацьбы жывёл. Пад перакрыжаваннем мяча ў геральдычнай аснове стаяць пеўні, якія б'юцца, ніжэй фантастычны грыфон, што раздзірае аленя, конь, на якога ззаду напаў леў, а спераду — грыфон, яшчэ ніжэй — леапард, які напаў на аленя, і, нарэшце, паядынак льва і леапарда. На выступе для падвешвання меча да партупеі намаляваны фантастычны рагаты ільвінагаловы грыфон, хвост якога канчаецца змяінай галавой.
Таксама ў пахаванні знойдзеныя парэшткі 6 коней у багата ўпрыгожанай золатам і срэбрам збруі і трох конюхаў, старэйшы з якіх меў на шыі залатую грыўню.
Пабочнае пахаванне
[правіць | правіць зыходнік]Два калідоры-дромасы вялі ў больш позняе пабочнае пахаванне. У ім былі выяўленыя 5 шкілетаў. Галоўны з іх належаў жанчыне, другі па значэнні — малалетняму дзіцяці. Абодва пакрытыя вялікай колькасцю залатых упрыгажэнняў. Яшчэ тры шкілеты, відавочна, належалі слугам (па меркаванні археолагаў, кухарцы, воіну і возніку), якія памёрлі гвалтоўнай смерцю. Ідэнтыфікацыя прафесійнай прыналежнасці слуг грунтуецца на прадметах, знойдзеных каля шкілетаў: бронзавы посуд каля парэшткаў кухаркі, сайдак са стрэламі каля воіна і абломкі рытуальнай падводы каля возніка. Цела дзіцяці (узрост каля 2-3 гадоў) знаходзілася ў драўляным саркафагу, упрыгожаным алебастрам. У саркафагу таксама знаходзіліся залаты бранзалет і залаты пярсцёнак, масіўная залатая грыўня, залатыя завушніцы. Адзенне была цалкам пакрыта залатымі пласцінамі. У падгалоўі знаходзіліся святыя для скіфаў сярэбраныя пасудзіны: рытон у форме рога, паўсферычная чаша і невялікі збан з акруглым дном, па форме падобны да знакамітых вазаў з курганоў Куль-Оба і Часці.
Шляхетная скіфская жанчына з пабочнага пахавання знаходзілася ў багата ўпрыгожаным уборы. На яе галаве была высокая шапка канічнай формы, вышываная залатымі пласцінамі. Яе сукенка з пашыранымі на канцах рукавамі ўпрыгожвалі два шэрагі залатых пласцін, а абутак — залатая вышыўка. Акрамя гэтага ў пахаванні таксама былі выяўленыя:
- масіўныя залатыя завушніцы з выявай багіні, якая сядзіць на троне, узняўшы дагары рукі;
- залатая грыўня з 7 фігурамі ільвоў, якія пераследуюць каня;
- 3 залатыя бранзалеты;
- 11 залатых пярсцёнкаў;
- каралі;
- бронзавае люстэрка
- 3 пасудзіны (у тым ліку — чорная лакавая грэчаская чара).
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мозолевский Б. Н., Курган Толстая Могила близ г. Орджоникидзе на Украине, «Советская археология», 1972, № 3.
- Брашинский И. Б. В поисках скифских сокровищ. Ленинград. Издательство «Наука»: 1979. 144 с.
- Кравченко С. Скифское золото // Наука и жизнь. 1971, № 9. — С. 10-12.
- Николай Славинский. Пектораль // Вече, № 3, 2006